У Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая стала добрай традыцыяй сустракацца
падчас літаратурных вечароў баранавіцкіх творцаў. 2017-й год выдаўся багатым на такія
сустрэчы. Значнай падзеяй стала прэзентацыя зборніка 33-х баранавіцкіх паэтаў і
пісьменнікаў “Крыніца дабрыні”, юбілеі ў сцянах залы галіновай літаратуры адзначылі
Раіса Раманчук і Людміла Шувалава, падчас літаратурных прэзентацый госці бібліятэкі
маглі пазнаёміцца з новымі кнігамі Вячаслава Хвайніцкага і Таццяны Яцук, прайшлі вечары
памяці Анатоля Станкевіча і Віктара Дулуба. Прыгожым “літаратурным” завяршэннем
года стаў юбілейны вечар “Пад дахам правінцыйнай цішыні” паэтаў Алены і Аляксея Белых.
Так склаўся лёс, што ўжо 15 гадоў Алена Іванаўна і Аляксей Ільіч ідуць па жыцці разам.
У іх шмат агульнага: нарадзіліся у снежні (з розніцай у 5 гадоў), абое любяць вандраваць
і сузіраць новае. Але самае галоўнае – гэта любоў да слова. Кожны з іх ішоў сваёй дарогай
да паэзіі, знаходзіў незвычайныя спалучэнні звычайных слоў, каб выказаць свае пачуцці і ўражанні.
Кажуць, што таленавітыя людзі таленавітыя ва ўсім. Гэтае выказванне ў поўнай меры пацвяржае
сям’я Белых. Аляксей Ільіч – паэт, пісьменнік, журналіст, мастак. Алена Іванаўна – прафесар,
выкладчык, літаратуразнаўца, паэтка. Хоць яна часта сціпла сцвярджае: “Які я паэт, я – вучоны”.
Але з гэтым ніяк нельга пагадзіцца. Пацвярджэнне таму – хвалюючая “Кніга жонкі паэта”.
Каб павіншаваць Алену Іванаўну і Аляксея Ільіча 22 снежня ў бібліятэцы сабраліся родныя і блізкія,
сябры, супрацоўнікі, студэнты, калегі па пяру. Вядучыя юбілейнага вечара – Ірына Дрэкоўская і Ірына
Лукашова – прапанавалі прысутным “прайсціся па жыццёвых і творчых сцежках” юбіляраў, выказалі
свае віншаванні ў выглядзе відэапрэзентацый. Выстава “Адчуць радок і вобраз” прадставіла шматгранную
творчасць спадароў Белых: ад паэзіі да маляўнічых карцін. Вечар атрымаўся па-сапраўднаму “цёплым”
і па-сяброўску “ўтульным”, напоўненым шчырымі словамі, песнямі і, канешне ж, паэзіяй.
Кіпель Надзея,
загадчык залы галіновай літаратуры
Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В. Таўлая
г. Баранавічы
Даведка
Алена Іванаўна Белая нарадзілася 9 снежня 1957 г. у в. Чырвоны Беражок Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці.
У 1974 г. з залатым медалём скончыла Жыліцкую сярэднюю школу Кіраўскага раёна. У 1979 г. скончыла Магілёўскі
дзяржаўны педагагічны інстытут імя Аркадзя Куляшова па спецыяльнасці беларуская мова і літаратура (дыплом
з адзнакай). З 1980 па 1992 г. жыла і працавала настаўніцай у г. Слонім. У 1992 г. пераехала ў Баранавічы і да 1995 г.
працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў гімназіі №1. У 1995 г. пачала працаваць ў Баранавіцкім
педагагічным каледжы, які ў 2004 г. быў рэарганізаваны ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт.
З 1994 па 1998 г. вучылася ў аспірантуры Нацыянальнага інстытута адукацыі.
У 2000 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме “Фарміраванне гістарычнай свядомасці школьнікаў
у працэсе вывучэння твораў Уладзіміра Караткевіча”. Зараз з’яўляецца дацэнтам кафедры філалогіі і методыкі
Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта і дактарантам кафедры беларускай літаратуры і культуры Беларускага
дзяржаўнага ўніверсітэта. Аўтар навукова-метадычных артыкулаў, якія друкаваліся ў часопісах “Беларуская мова
і літаратура”, “Народная асвета”, “Роднае слова”. У 2008 г. быў надрукаваны яе літаратурна-крытычны артыкул
у часопісе “Нёман”. Увесь час цікавіцца і займаецца літаратурнай творчасцю. У 90-я гады яе апавяданні і эсэ
друкаваліся ў газетах “Літаратура і мастацтва”, “Звязда”, “Сям’я”. У 2006 г. выйшла кніга паэзіі Алены Белай
пад назвай “Кніга жонкі паэта”. Выйшла ў свет навуковая манаграфія “Абрысы роднага.
Нацыянальныя локусы культуры ў беларускай прозе “эпохі рубяжа”.
Аляксей Ільіч Белы нарадзіўся 20 снежня 1952 года ў вёсцы Міхнавічы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці.
Пасля заканчэння школы паступіў у марскую вучэльню ў карэльскім пасёлку Піндушы, працаваў матросам
на цеплаходзе. Пасля службы ў войску вярнуўся ў Беларусь. Працаваў памочнікам капітана на цеплаходзе,
вадзіў судны па рэках Беларусі. З 1977 года жыве ў Баранавічах. Працаваў слесарам, майстрам, карэспандэнтам,
рэдактарам газеты “Тэкстыльшчык” Баранавіцкага вытворчага баваўнянага аб’яднання, галоўным рэдактарам
рэгіянальнай газеты “Шаг”, намеснікам дырэктара “Выдавецкага дома “Інтэкс-прэс”. Скончыў Гомельскі політэхнікум,
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, Кіеўскі інстытут паліталогіі і сацыяльнага кіравання. Сябра Беларускай асацыяцыі
журналістаў, Саюза беларускіх пісьменнікаў. Таў першым жыхаром горада Баранавічы, прынятым у Беларускі
ПЭН-цэнтр – рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне прафесійных літаратараў.
Першыя вершы былі надрукаваны ў 1971 годзе ў адной з газет на Поўначы. З’яўляецца аўтарам 6-ці паэтычных зборнікаў:
“Тридцать второе августа” (1994), “Невольничьи песни” (1997), “Каляровыя сны” (1999), “Боскі вецер правінцыі” (2002),
“Кветкі ў стагах” (2010), “Прыватны сектар” (2013) і кнігі эсэ-ўспамінаў “Ад Грыўды да Гандвіка” (2015). Друкуецца
ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях, шматлікіх паэтычных сборніках.
Понравилась статья - поделитесь ей с друзьями!